САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА КРЫМІНА́ЛЬНАГА ПРА́ВА,

кірунак у навуцы крымін. права. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Прадстаўнікі школы Ф.​Ліст (Аўстрыя), Э.​Феры (Італія), І.​Я.​Файніцкі, С.​В.​Познышаў (Расія), прызнаючы сац. абумоўленасць злачынных паводзін чалавека, лічылі, што на яго ўплываюць і біял. (у т. л. спадчыннасць), фіз. (час года, клімат, час сутак і да т.п.) і інш. фактары. Сучасныя прыхільнікі школы прытрымліваюцца тэорыі і мноства фактараў злачыннасці як біял., так і сац. (напр., звязаных з урбанізацыяй). Крыміналісты-сацыёлагі лічылі, што навука крымін. права аб’ядноўвае крымін. права ў вузкім сэнсе (крымін. дагматыка), крыміналогію або этыялогію злачынстваў і крымін. палітыку (распрацоўка мер барацьбы са злачыннасцю); некаторыя з іх у яе склад уключалі таксама пеналогію (навуку аб выкананні пакарання).

т. 14, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)